1 кастрычніка 2015 года прызначаны новы дырэктар Рэлігійнай міссіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ім стаў прадстаўнік Ордэна Братоў Капуцынаў а. Андрэй Жылевіч. Прапануем Вашай увазе інтэрв’ю з новапрызначаным дырэктарам.

Паважаны бр.Андрэй, вітаем Вас на пасадзе дырэктара Рэлігійнай міссіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

Я нарадзіўся на Гродзеншчыне ў в. Камянчане Іўеўскага раёна. Вучыўся ў Ліпнішкаўскай сярэдняй школе. Адначасова быў міністрантам у парафіі Ліпнішкі, дзе працавалі браты капуцыны.  Там пачаў прыглядацца да жыцця братоў. Пасля заканчэння школы у 1996 годзе напісаў просьбу да правінцыяла Варшаўскай правінцыі аб прыняцці ў Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў і быў прыняты. Ад верасня 1996 года распачаў навіцыят у Ордэне ў Польшчы, а ў 2002 склаў вечныя манаскія шлюбы.

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Каталіцкім Люблінскім Універсітэце, які скончыў у 2004 годзе. 22 мая 2004 года прыняў святарскае пасвячэнне ў Маладзечне.  Быў накіраваны працаваць у Докшыцы. Там быў магістрам пастулантаў, пасля настаяцелем кляштара. У 2009 годзе быў абраны віцэправінцыяльным міністрам  Беларускай Віцэправінцыі Меншых Братоў Капуцынаў. У 2013 годзе віцэправінцыя стала называцца кустодыяй. Каля 3 гадоў таму была створана супольнасць у Мінску, дзе я жыву і працую зараз.  На дадзены момант супольнасць складаецца з трох братоў. Тут у Мінску мы будуем не толькі духоўны кацёл, але і матэрыяльны – будынак касцёла і кляштар каля вёскі Копішча (недалека ад Уручча).

Раскажыце, калі ласка, як Вы ўспрынялі прапанову ўзначаліць Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Прапанова ўзначаліць Карытас была для мяне неспадзяванай.

Дарэчы, сваю згоду я выказаў у Будславе перад абразом Маці Божай. Я сказаў, што хачу служыць Касцёлу, калі такая воля майго настаяцеля і біскуп лічыць мяне годным гэтага.

 Што стала асноўным матывам для згоды?

Першае што я падумаў, гэта тое, што адным з прыярытэтаў нашаго Ордэна, яго харызмай з’яўляецца паслуга ўбогім і патрабуючым. Гэта вынікае з нашай францішканскай духоўнасці.  Мне падалося, што Карытас – гэта той самы дух, нешта падобнае. І гэта мне якімсьці чынам блізка. Працуючы ў Карытас можна рэалізаваць сваё манаскае пакліканне слядамі св. Францішка Асізскага.

 На Вашую думку, якія выклікі Вас чакаюць? Што падаецца Вам цікавым у будучай працы?

Я падыходжу да гэтай працы з аптымізмам, таму што, што я люблю людзей. Я не баюся выклікаў, бо маю пэўны  досьвед працы з людзьмі, а таксама кіравання супольнасцю. Можа гэта не дакладна тое самае, але мне гэта цікава. Я, хіба як кожны чалавек, маю патрэбу быць карысным. Мне здаецца, што гэта адна з першапачатковых патрэбаў хрысціяніна – быць карысным для Касцёла, для грамадства, для краіны, для людзей патрабуючых. Усё гэта прыносіць таксама задавальненне і радасць. Думаю, што працуючы ў Карытас, маеш дадатковыя магчымасці прыносіць карысць. Карытас – прылада, якая існуе ў Касцёле і для Касцёла, выкарыстоўваючы гэта можна рабіць больш дабра.

 Якая асноўная мэта дзейнасці Карытас?

Мне здаецца, што так як сама назва Карытас азначае любоў, то і асноўная мэта арганізацыі – несці любоў, дзяліцца любоўю. І рабіць гэта  не толькі тэарэтычна, словам, але і матэрыяльна.

 Як Вы бачыце сваю працу ў арганізацыі?

Кожная праца ў Касцёле з’яўляецца службай. Я ў першую чаргу не лічу сябе якімсьці там ганаровым кіраўніком і перакананы нават, што такім не буду. Я пакліканы да таго каб служыць, дапамагаць. Менавіта гэта збіраюся рабіць таксама ў Карытас. Мне здаецца, што перш за ўсё трэба, каб калектыў, у каторым мне давядзецца працаваць, быў адной сям’ёй. Важна, каб людзі, каторыя працуюць у Карытас, сапраўды ўмелі рабіць гэта з адданасцю, з павагай адзін да другога. Бо толькі тады, калі будзе такая сямейная атмасфера на месцы працы, каторую мы здзяйсняем таксама для другога чалавека, толькі тады можна будзе гаварыць пра эфектыўнасць, пра дапамогу іншым людзям. Я хачу старацца зрабіць усё, што магу дзеля таго, каб Карытас развіваўся, каб ён быў Божай прыладай для дапамогі патрабуючым.

 Як бы Вы маглі сфармуляваць дэвіз Вашай працы у Карытас?

Дэвізам маёй працы я абраў бы словы апякункі сённяшняга дня, св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус: “Быць Любоўю ў сэрцы Касцёла, Маёй Маці”. Думаю, што гэта добрыя словы.

Дзякуй за размову! Жадаем Божага благаслаўлення ў Вашай працы!

 

Размаўляла Вольга Лабуць
Па матэрыялах caritas-minsk.by

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы