Нягледзячы на тое, што адбываецца, нашы валанцёры працягваюць дапамагаць і рабіць жыццё тых, хто ў гэтым асабліва патрабуецца, лепшым. Дзякуй ім вялікі!
Даша Іваноўская, 17 год, валанцёр у інтэграцыйнай святліцы Caritas для дзяцей у Глыбокім:
“Я вельмі люблю дапамагаць людзям, прыносіць ім радасць. І мне робіцца вельмі цёпла на душы, калі я бачу, што дапамагла камусьці, нават калі гэта дапамога зусім не вялікая.
Божыя планы склаліся так, што я стала валанцёрам у Святліцы, якая аказалася маёй другой маленькай сям’ёй.
Дапамагаючы ў Святліцы, я не толькі вучу дзяцей чаму-небудзь, але і сама бяру з іх прыклад у многіх выпадках, напрыклад, як можна заставацца вясёлым і ўсмешлівым нягледзячы на любыя праблемы.


Кожны раз, калі я бачу ўсмешкі дзяцей, што бягуць цябе абдымаць, сэрца перапаўняецца радасцю. Я ведаю, што гэта ўсмешка - ад Бога, яна дае мне такія эмоцыі, якія складана апісаць. Вось гэта і ёсць шчасце: быць валанцёрам і дарыць усмешкі дзецям.
Мы – сябры дзяцей, і як жа гэта цудоўна ведаць, што ты дапамог, ты выслухаў, што дзякуючы табе дзеці з кожным днём развіваюцца, чамусьці вучацца, узрастаюць у веры!
Быць валанцёрам класна. Дапамагаючы людзям, ты сам становішся дабрэйшы і мацнейшы духам. Падчас валанцёрскай працы заўсёды можна навучыцца чамусьці, у тым ліку адказнасці, цярпімасці.
Памятайце: зрабіць жыццё лепшым можа кожны з нас”.


  

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы