Належыць прачытаць у Нядзелю Божай Міласэрнасці

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

У гэтыя дні Касцёл святкуе Пасху – перамогу Езуса Хрыста над смерцю. Але святкаванне сёлета не такое, як звычайна: яно азмрочана падзеямі, звязанымі з сусветнай пандэміяй. Мы бачым, як мала людзей на вуліцах і ў святынях – яны вымушаны заставацца дома на самаізаляцыі, клапоцячыся пра сваю і іншых бяспеку.

Сотні тысяч людзей па ўсім свеце знаходзяцца ў лякарнях, дзе за іх жыццё змагаюцца медыкі – адданыя, але часта бездапаможныя перад тварам бязлітаснай хваробы. Ужо больш трохсот з іх на Беларусі заражаны каронавірусам. Папа Францішак, успамінаючы святароў і медыкаў, што загінулі ў жорсткай барацьбе з каронавірусам, назваў іх “святымі з суседняга двара”. Ізаляваны ў шпітальнай палаце чалавек можа звярнуцца толькі да Бога і да ўрача. Медыкі – сціплыя героі нашай рэчаіснасці.

Сёння складаная сітуацыя з эпідэміяй і на Беларусі. Колькасць хворых павялічваецца, расце нагрузка на спецыялістаў. Ужо 25 тысяч медыкаў ратуюць нашых родных і блізкіх, знаемых і незнаемых ад страшнай хваробы ў лякарнях. Кожны дзень мы бачым звароты ў СМІ і сацыяльных сетках аб зборы неабходных сродкаў для супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя: патрэбны бахілы, маскі, спецыяльнае адзенне, гарачыя абеды і нават начлег. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць медыкам і моліцца за іх, але ў гэтым часе можа стаць ім не толькі духоўнай падтрымкай.

Свята Божай Міласэрнасці – гэта свята, якое пажадаў усталяваць сам Хрыстус, аддаўшы сваё жыццё за нас. Праяўленне Божай Міласэрнасці стала адказам, надзеяй і падтрымкай для людзей, на якіх у ХХ стагоддзі выпала шмат бедстваў і пераследаў: генацыд розных узроўняў, дзве сусветныя вайны і таталітарныя рэжымы. Гэта свята перадае нам надзею і суцяшэнне. Святкаванне Божай Міласэрнасці – час праявіць клопат аб сваёй душы, час малітвы і добрых учынкаў. Таму заахвочваю вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, аказаць пасільную дапамогу тым, хто сёння на перадавой барацьбы з эпідэміяй – нашым урачам і медыцынскім сёстрам.

Прапануем ў ІІІ Вялікодную Нядзелю арганізаваць дабравольны збор ахвяраванняў дзеля набыцця неабходных установам аховы здароўя абсталявання і медыцынскіх вырабаў. Залічэнне сабраных сродкаў належыць здзейсніць на спецыяльна адкрыты для гэтага рахунак Карытас Беларусь. Аказаць дапамогу можа кожны, хто жадае далучыцца да акцыі: святар, кансэкраваная асоба, свецкі вернік. Просім пробашчаў, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ізаляцыі, данесці гэты камунікат да як мага большай колькасці вернікаў, выкарыстоўваючы медыйныя сродкі. Няхай гэта будзе выразам нашага клопату і адказнасці за кожнае жыццё.

Сродкі, сабраныя ў парафіях, няхай пералічаць адказныя за гэта асобы. Пасля акамуляцыі матэрыяльнай дапамогі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў на Беларусі прызначыць яе на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых установаў аховы здароўя нашай краіны.
Няхай Бог сцеражэ Вас і Вашых блізкіх!

Мінск, 15 красавіка 2020 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Рэквізіты для ахвяраванняў COVID-19:
р/р BY03PJCB31350544160030000933 у АТТ "Пріорбанк"
Код банка PJCBBY2X УНП 101124634

Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай, 31-А.
Ахвяраванне можна здзейсніць праз "Разлік" (АРІП) (нумар паслугі 4716081): - Дабрачыннасць, грамадскія аб'яднанні - Рэлігійныя аб'яднанні - Карытас Беларусь- Ахвяраванне COVID-19.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: Ганна Якімовіч +375447361722

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы