У рамках праекта "Выхаванне без гвалту" 10 снежня адбылася сустрэча з пробашчам парафіі Св. Валянціна ў Смалявічах братам Сяргеем Мацюшонкам, які распавёў, што ў касцёле па нядзелях праходзяць катэхезы з дзецьмі рознага ўзросту, а па чацвяргах тут сустракаюцца члены групы АА. У парафіі склаліся добрыя ўзаемаадносіны з мясцовымі ўладамі, на падтрымку якіх можна разлічваць пры правядзенні мерапрыемстваў.
Разам з тым брат Сяргей занепакоены тым, што людзі з алкагольнай залежнасцю самі не будуць наведваць мерапрыемствы, таму мэтазгодна разгледзець магчымасць узаемадзеяння з Камісіяй па справах непаўналетніх (КСН), якая будзе накіроўваць такіх бацькоў у групы самадапамогі. Вырашылі, што ў студзені 2021 года, пасля нядзельнай Імшы, будзе праведзена сустрэча экспертаў праекта з парафіянамі, на якой будзе прадастаўлена інфармацыя аб праекце. Акрамя таго брат Сяргей прапанаваў правесці інфармацыйную сустрэчу з бацькамі-парафіянамі, распавесці аб мерапрыемствах у рамках праекта і аб занятках, якія будуць праводзіцца з іх дзецьмі. Запланавана таксама сустрэча з прадстаўніком КСН для абмеркавання магчымасці ўзаемадзеяння. Брату Сяргею перададзены інфармацыйныя матэрыялы па праекце для распаўсюджвання сярод вернікаў.
11 снежня прайшла сустрэча з пробашчам парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў г.п. Бягомль братам Тадэвушам Кавальскім, які распавёў, што на тэрыторыі парафіі акрамя гімназіі, у якой навучаюцца 360 дзяцей, ёсць і дапаможная школа-інтэрнат, у якой на сённяшні дзень вучацца і пражываюць 100 дзяцей, у тым ліку дзеці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. У парафіі склаліся добрыя ўзаемаадносіны з установамі адукацыі, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы. Адміністрацыя навучальных устаноў і гарадская адміністрацыя зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Так, сумесна з касцёлам ужо быў праведзены Тыдзень цвярозасці. Акрамя таго, у парафіі ёсць актыўныя вернікі, гатовыя аказваць дапамогу ў рэалізацыі праекта.
На базе касцёла ў нядзелю праходзяць сустрэчы груп АА, а таксама функцыянуе рэабілітацыйны цэнтр дапамогі «Светач», у якім падтрымліваюць людзей, што пакутуюць ад залежнасцяў. Спецыялісты, якія працуюць у цэнтры, таксама прынялі ўдзел у сустрэчы і выказалі зацікаўленасць у дадзеным праекце.
Брат Тадэвуш выказаў занепакоенасць тым, што людзі з алкагольнай залежнасцю добраахвотна не будуць наведваць групы самадапамогі па розных прычынах. Пасля абмеркавання гэтай праблемы вырашылі, што існуюць розныя спосабы для прыцягнення такіх людзей у групы, якія будуць выкарыстоўваць кансультанты ў ходзе сваёй працы. Брат Тадэвуш прапанаваў праводзіць таксама заняткі з падлеткамі са школы-інтэрната, бо яны з'яўляюцца сацыяльнымі сіротамі, якія раней пражывалі ў сем'ях з праблемай алкагольнай залежнасці.
У студзені 2021 года, пасля нядзельнай Імшы, эксперты прадставяць парафіянам інфармацыю аб праекце. Таксама будзе арганізавана сустрэча з адміністрацыяй гімназіі і школы-інтэрната для абмеркавання супрацоўніцтва ў межах праекта і сустрэча з бацькамі гімназістаў. Брату Тадэвушу былі перададзеныя інфармацыйныя матэрыялы, распрацаваныя і выдадзеныя ў рамках праекта "Выхаванне без гвалту", для распаўсюджвання сярод вернікаў.

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы