Caritas – гэта не палітыка, Caritas – гэта любоў Хрыста, якая рэалізуецца праз чалавека да свайго бліжняга. Місіяй Caritas з’яўляецца дапамога кожнаму, хто гэтага патрэбуе, даць надзею там, дзе здаецца, што яе ўжо няма і паказаць дух любові ў свеце чалавечага жыцця.

Назіраючы за тым, што адбываецца ў нашай краіне сёння, кожны з нас перажывае розныя эмоцыі і пачуцці. З аднаго боку, гэта нясцерпны боль за тых, каго бязвінна асудзілі і катавалі, за тых, хто ў слязах шукае праўды і справядлівасці, а з другога - радасць і вера ў вачах людзей, якія ідуць бараніць сваіх блізкіх словам і законам. Можна вельмі доўга пералічываць, што ў гэтыя дні перажывае чалавек у Беларусі. Аднак найбольш трапнымі з’яўляюцца словы Бэнэдыкта XVI з энцыклікі “Caritas in veritate”:

«Сёння мы з’яўляемся сведкамі сур’ёзнага непаразумення. У той час, калі, з аднаго боку, мы заўважаем патрабаванне дэклараваных правоў арбітральнага і другаснага характару, іх прызнання i прамоцыі грамадскімі структурамі, то, з іншага боку, ёсць элементарныя і фундаментальныя правы, якія не прызнаюцца i парушаюцца ў вельмі вялікай частцы чалавецтва».

(Поўны тэкст энцыклікі можна знайсці тут >>>)

Зараз кожны з нас робіць усё магчымае, каб дапамагчы тым, хто стаў на парозе болю і безраднасці. Гэта толькі шматлікія дабрачынныя арганізацыі, але і проста людзі з добрым, спачуваючым сэрцам. Вельмі важна сёння кожнаму быць салідарным з пацярпелымі.

Caritas Беларусь заклікае ў гэты няпросты для нашай краіны час аб’яднацца ў малітве за ўсіх пацярпелых падчас мірных мітынгаў, за спакойнае вырашэнне канфліктных сітуацый у Беларусі, за спыненне гвалту на нашай роднай зямлі, і далучыцца да інтэнцыі папы Францішка, які звяртаецца да ўсяго света са словамі:

“Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою".

Дырэктар Caritas Беларусь
кс. Віталій Дабраловіч

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы